БЕЛАРУСКІ АРХІЎ ВУСНАЙ ГІСТОРЫІ

Оn-line сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі Беларусі ХХ ст., да якіх арганізаваны доступ з мэтай захавання і спрыяння іх шырокаму выкарыстанню ў даследчыцкіх і адукацыйных мэтах.

Збор вуснагістарычных успамінаў

Вусныя ўспаміны нярэдка ўяўляюць сабой адрозны ад афіцыйнага погляд на гісторыю ХХ стагоддзя. Людзі сыходзяць з жыцця і іх гістарычная памяць сыходзіць разам з імі. Такое нельга губляць. Стаўленне простага чалавека, яго ўнікальны досвед дазваляюць пабачыць мінулае больш ярка і адначасова страката. Беларускі архіў вуснай гісторыі паставіў на мэце, наколькі магчыма, выратаваць унікальны вуснагістарычны матэрыял, паведамлены сведкамі гісторыі з Беларусі.

Заснавальнік праекта Ірына Кашталян

Для захавання гэтай унікальнай памяці камандай архіва ладзяцца адмысловыя экспедыцыі, дзе па адпаведнай методыцы збіраюцца інтэрв’ю ў сведкаў часу.

На сённяшні дзень архіў налічвае каля 50 калекцый, якія згрупаваны па розных тэматах.

Апроч непасрэднага збору інтэрв’ю і іх апрацоўкі ладзяцца конкурсы, майстар-класы, трэнінгі, семінары для папулярызацыі метаду вуснай гісторыі і зацікаўлення большага кола асобаў.

Падрабязна з праектам і яго тэматамі можна азнаёміцца тут: http://www.nashapamiac.org