З гісторыі аб’яднання

Першапачаткова МГА «Гісторыка» было заснавана студэнтамі гістфаку БДУ для таго, каб сумесна займацца вывучэннем гісторыі Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце і папулярызаваць свае навуковыя дасягненні. Пазней да дзейнасці аб’яднання далучыліся іншыя студэнты, неабыякавыя да роднай гісторыі і спадчыны.

Устаноўчы сход МГА «Гісторыка» (I Канферэнцыя) адбыўся 5 красавіка 2000 г.

З гэтага моманту МГА «Гісторыка» распачынае актыўную грамадскую дзейнасць у галіне гістарычнай асветы і гісторыка-культурнай спадчыны, дзейнічае ў межах «Клубу па актуальных пытаннях гісторыі» (які пазней рэарганізаваўся ў Клуб гісторыі Мінску), удзельнічае ў летніках па аднаўленні і кансервацыі аб’ектаў спадчыны (у в.Шчорсы, в.Уселюб, г.п.Любча), праводзяцца экскурсіі і вандроўкі па цікавых гістарычных месцах Беларусі.

У 2006 годзе МГА «Гісторыка» ўдзельнічае ў арганізацыі Наваградскага Фэсту сярэднявечнай культуры. А праз тры гады распачаўся праект «Эпоха князя Міхала Клеафаса», прысвечаны асобе знакамітага земляка, а таксама таму гістарычнаму перыяду. Гэты час адзначыўся шматлікімі балямі і культурнымі імпрэзамі.

З 2010 года актывізуецца публіцыстычна-асветніцкая дзейнасць. Бачыць свет размалёўка «Чароўная краіна: замкі і палацы Беларусі», кніжка Ю.Усціновіча «Яська і конік ягоны Грыўка» – расповед для дзяцей аб вялікай Грунвальдскай бітве.

У 2011 годзе стартуе новы накірунак дзейнасці аб’яднання, які перарастае ў буйны вялікі праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі» і аб’ядноўвае шырокае кола даследчыкаў і валанцёраў. Праект накіраваны на сбор, апрацоўку і каталагізацыю ўспамінаў «сведкаў часу». Арганізуецца шмат экспедыцый, ладзяцца канферэнцыі публікуюцца артыкулы. Ствараецца і функцыянуе адпаведны сайт (www.nashapamiac.org).

Лета 2014 года адкрывае новую старонку жыцця аб’яднання. На першы план выходзіць некрапалістычны накірунак. Пачынаюцца летнікі па добраўпарадкаванні і каталагізацыі могілак. Самы буйны некрапалістычны праект – добраўпарадкаванне і інвентарызацыя каталіцкіх могілак у г.п.Мір.

Праз год, у 2015-м, распачынаецца праца з дзецьмі. Адкрываецца праект «Я малюю гісторыю», які накіраваны на асэнсаванне дзецьмі значнасці і адметнасці гісторыі «малой радзімы» праз стварэнне малюнкаў.

Актыўна працуе Клуб гісторыі Мінска, што аб’ядноўвае людзей рознага сацыяльнага статусу і ўзросту, зацікаўленых у паглыбленні ведаў аб горадзе.

У 2016 годзе ярчэй праяўляецца накірунак у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Так, сябры МГА «Гісторыка» актыўна дамагаліся выканання палажэнняў заканадаўства аб пахавальнай справе пры правядзенні будаўнічых прац на тэрыторыі былых лютэранскіх могілак у г.Мінску. Здзейснена праца па складанні і накіраванні прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці гістарычным кварталам так званай «Асмалоўкі» і шмат іншага.

КІРАЎНІКІ АРГАНІЗАЦЫІ

2000 — 2003: Ірына Кашталян
2003 — 2004: Раман Ляўкоўскі
2004 — 2006: Таццяна Шпілеўская
2006 — 2010: Зміцер Рагачоў
2010 — 2012: Таццяна Міхайлоўская,
2012 — 2015: Алесь Ясінскі (в.а. старшыні),
2015 — па цяперашні час: Павел Іваніцкі.