МАНІТОРЫНГ І РЭАГАВАННЕ

МГА «Гісторыка» мае прадстаўніцтва ў грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры і імкнецца сачыць і рэагаваць на дзеянні, якія адбываюцца ў дачыненні да помнікаў гісторыі і культуры.

За апошні час сябры МГА «Гісторыка» рабілі захады:

• па захаванні будынка па вул.Тэльмана, 16 у г.Баранавічы. Былі напісаныя лісты ў Міністэрства культуры, Брэсцкі аблвыканкам, Баранавіцкі гарвыканкам, ГУП «Санта Рытэйл». Шанцы невялікія, але мусім яшчэ пабароцца;

• зроблены аналіз спецыфікі падыходаў праваслаўных рэлігійных абшчын да рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры і адпаведны выступ на канферэнцыі «Праблемы аховы і інтэрпрэтацыі помнікаў гісторыі і культуры. Грамадска-дзяржаўнае партнёрста», прысвечанай Міжнароднаму дню аховы помнікаў і гістарычных мясцін 16-17 красавіка 2016 г.;

• па спыненні парушэнняў заканадаўства ў дачыненні да былых лютэранскіх могілак па вул. К.Лібкнехта. Былі напісаныя лісты ў пракуратуру, следчы камітэт, мясцовую адміністрацыю, замоўцу і выканаўцу работ, Мінскі гарвыканкам. Пасля шматлікіх скаргаў і інфармацыйнай хвалі ў прэсе (з якой МГА «Гісторыка» шчыльна супрацоўнічала) парэшткі людзей былі перапахаваныя на заходніх могілках і ўсталяваны адпаведны памятны знак;

• у Міністэрства культуры перададзена прапанова-дасье аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці гістарычным кварталам Асмалоўкі (г.Мінск, кварталы 1945-1950-х г.пабудовы). Атрымаўся сапраўдны навуковы труд з падрабязным гістарычным і мастацкім аналізам. Акрамя таго мы актыўна ўдзельнічалі ў ініцыяванні публікацый на гэтую тэму, арганізацыі круглага стала ў БелТА (адбыўся 4 лістапада 2016 года). У склад працоўнай групы па падрыхтоўцы дасье ўвайшлі: Іван Сацукевіч, Вадзім Зеленкоў, Вадзім Гліннік, Юлія Шэстак, Андрэй Эзерын, Таццяна Пятрова, Павел Іваніцкі, Яўгенія Стасеня;

• узятыя пад кантроль два будынкі пачатку ХХ стагоддзя ў г.Мазыры. Мы вялі перапіску з мясцовымі ўладамі, выносілі пытанне аб захаванні і ўтрыманні названых аб’ектаў на разгляд Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Будзем звяртацца вышэй, у Гомельскі аблвыканкам. Звышмэта — падштурхнуць да стварэння прэцыдэнту вяртання будынкаў у дзяржаўную ўласнасць, бо прыватныя асобы, якія імі валодаюць ужо шмат год, не робяць для аб’ектаў нічога і проста даводзяць іх да разбурэння.

Далучайцеся!

Калі бачыце неправамоцныя дзеянні ў дачыненні да аб’ектаў спадчыны, або ведаеце, што такое мае адбыцца, калі ласка, лістуйце, інфармуйце! Будзем складаць афіцыйныя лісты, звароты, мо ладзіць і больш канкрэтныя дзеянні ручкамі! Будзьма бараніць нашую гісторыю, нашыя каштоўнасці!