ІНВЕНТАРЫЗАЦЫЯ І ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ МІРСКІХ КАТАЛІЦКІХ МОГІЛАК ХІХ ст.

Старыя каталіцкія могілкі ў Міры знаходзяцца на ўскрайку мястэчка, у сасновым барку на ўзвышшы, з якога адкрываецца маляўнічы краявід на касцёл і замак.

Усяго на могілках налічваецца больш за 500 надгробкаў. На большасці з іх захаваліся надпісы з імёнамі, датай пахавання, эпітафіяй, асобнымі «малюнкамі».

Самыя старыя надгробкі датуюцца 1840-м годам. Пераважна гэта каменныя помнікі, зрэдку выкарыстоўваецца мармур. Асаблівая адментасць могілак – памятны знак паўстанцам 1863 года – Дамініку Крыжаноўскаму і ксяндзу Анджэю Крыжаноўскаму.

Раней могілкі ўяўлялі сабой суцэльны лес, знаходзіліся ў занядбаным стане. Адзіны элемент добраўпарадкавання – «прасечаная» сцяжына да магілы закатаванага ў Вялікую Айчынную вайну ксяндза Антонія Мацкевіча.

Праект па добраўпарадкаванні могілак быў распачаты ў ліпені 2014 года.

З дапамогай парафіі і валанцёраў за апошнія гады тэрыторыя была расчышчана ад хмызняка і смецця. Знойдзеныя і паднятыя засыпаныя зямлёй і паросшыя дзёранам помнікі (больш за 300).

Акрамя таго вядзецца работа па вывучэнні гісторыі парафіі, могілак. Наладжана праца з мясцовым краязнаўцам Віктарам Бунчуком, праведзены збор вусных успамінаў у мясцовай жыхаркі Надзеі Фёдараўны Ацэцкай (1923 г.н.). Сумесна з парафіяй і студыяй R2 выдадзены турыстычны буклет «Касцёл Святога Мікая ў Міры».

У бліжэйшай перспектыве:

  • актывізаваць мясцовую супольнасць да справы добраўпарадкавання могілак;
  • каталагізаваць могілкі (апісаць надгробкі, зрабіць іх фотаздымкі, расчытаць і занатаваць імёны, даты, эпітафіі, зрабіць мастаўствазнаўчы, мовазнаўчы аналіз і г.д.);
  • стварыць мапу пахаванняў (апрабуем прывязку да GPS);
  • усталяваць турыстычны стэнд пры ўваходзе на тэрыторыю могілак;
  • выдаць кнігу-каталог старых каталіцкіх могілак у Міры з метадычнымі рэкамендацыямі па добраўпарадкаванні падобных некропаляў.

Спасылкі:

https://vk.com/mirmohilki