Абвешчаны конкурс дызайн-эскізаў «Рэтрапанарама-Мінск»

МГА «Гісторыка», Беларускі саюз дызайнераў, Беларускі саюз архітэктараў і Галерэя TUT.BY абвяшчаюць конкурс дызайн-эскізаў «Рэтрапанарама-Мінск».

Увага ! Тэрмін падачы заявак падоўжаны — да 29 сакавіка 2018 !!!
Прыём конкурсных прац  таксама да 29 сакавіка 2018

Мэта конкурсу — стварэнне дызайн-эскіза візуальнага «вяртання» зніклай спадчыны Мінска ў гарадскім асяроддзі.

Мы імкнемся вынайсці найбольш аптымальнае рашэнне для арт-панарамы, якая будзе арганічна ўспрымацца ў гарадскім асяроддзі.

Мінск — цікавы і гістарычна багаты горад, які імкліва расце і пераўтвараецца ў сапраўдны мегаполіс з усімі вынікаючымі наступствамі. На жаль, у горадзе ёсць цэлы блок аб’ектаў, які можна смела назваць страчанай спадчынай. Гэтыя аб’екты сёння жывуць толькі ў віртуальнай прасторы, на старых паштоўках, альбомах, прыватных фотаздымках. Гэта і кляштар дамініканаў, бенедыктынак і касцёл святога Тамаша Аквінскага, чыгуначная Казанская царква, халодная сінагога на Нямізе, званіца езуіцкага калегіума і шмат іншага. Па аб’ектыўных прычынах большасць з гэтых будынкаў ужо не магчыма фізічна аднавіць, але магчыма аднавіць віртуальна, прычым у самой прасторы горада.

Падобныя аб’екты існуюць у Рыме, Маскве, Батумі, Карнунтуме, Любліне і г.д. Гэта прывабныя і цікавыя кропкі не толькі для турыстаў, але і для саміх жыхароў, бо яны дазваляюць у адзін момант аб’яднаць мінулае і сучаснасць.

Нешта падобнае мы імкнёмся зрабіць і ў Мінску.

Для гэтага нам неабходна дапамога творчых і неабыякавых людзей, майстроў сваёй справы, дызайнераў, архітэктараў, ландшафтнікаў і г.д.

У конкурсе будзе толькі адзін пераможца, які атрымае за сваю ідэю шчаслівыя 777 рублёў ад нашага спонсара, культурніцкага мецэната Ігара Жабароўскага.

Для таго каб зрабіць нешта сапраўды запамінальнае для гісторыі горада і атрымаць прыемны прыз, неабходна ўсяго толькі да 29.03.2018 распрацаваць і даслаць дызайн-эскіз аб’екта, які будзе просты ў эксплуатацыі, цікавы для турыстаў і мінчукоў, будзе несці візуальную інфармацыю аб выглядзе панарамы мінулага веку, а таксама стане такім арт-кавалачкам, які будзе найбольш арганічны для гарадскога асяроддзя.

Палажэнне конкурсу і тэхнічнае заданне, з усімі патрабаваннямі і магчымымі кропкамі для аб’екта, можна спампаваць тут:

ПАЛАЖЭННЕ аб правядзенні конкурсу дызайн-эскізаў аб’ектаў асяроддзя «Рэтрапанарама-Мінск»

«РэтраПанарама-Мінск» — тэхнічнае заданне да конкурсу дызайн-эскізаў