ГІСТОРЫЯ ЗАНЯДБАННЯ І АДНАЎЛЕННЯ МІРСКАГА КАТАЛІЦКАГА НЕКРОПАЛЯ (па слядах некрапалістычна-асветніцкага летніку Мірскія капцы)

Мірскі каталіцкі некропаль – гэта сапраўдны збалансаваны комплекс, які складаецца з трох частак: пахаванні сярэдзіны ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, пасляваенныя пахаванні ХХ стагоддзя, сучасныя пахаванні. Не гледзячы на блізкасць гістарычных зонаў некропаля яны выразна адрозніваюцца адна ад другой. Старая частка ад двух “новых” абмежавана ровам. За рэдкім выключэннем часткі не змешваюцца.
На старой частцы выразна чытаюцца дзве асноўныя сцежкі, адна з якіх вядзе ад гістарычнага ўваходу, іншая ад сучаснага. З пункту гледжання размяшчэння пахаванняў можна прыйсці да высновы, што дадзеныя могілкі, як і большасць могілак у ХІХ стагоддзі не мелі першапачатковую ўнутраную планіроўку, а пахаванні адбываліся зыходзячы ад “зручнасці” месца. Існавала простая сістэма спантанна праведзеных сцяжынак, якія былі пракладзеныя ад цэнтральнай алеі, якая вяла ад увахода.

Старыя каталіцкія могілкі ў мястэчку Мір былі значна пашкоджаныя пасля Вялікай айчыннай вайны. Варта згадаць, што пры пракладцы алеі, якая вяла да ільнозавода (месціўся побач з могілкамі) шмат помнікаў былі скінутыя са свайго месца, перасунуты ў бок. Шэраг помнікаў былі выкарыстаны як будаўнічы матэрыял, для таго ж самага завода.
Шмат помнікаў ўжо да 70-х гадоў ХХ стагоддзя было разбурана, павалена. Большасць гарызантальных пліт (каля 320) з часам сышлі пад зямлю і параслі дзёранам.
Паступова тэрыторыя старой часткі Мірскіх каталіцкіх могілак парасла хмызняком і ў пачатку ХХІ стагоддзя ўтварала сабой амаль непралазны лес.
Працы па рэвіталізацыі каталіцкіх могілак былі распачаты ў ліпені 2014 года. Першым этапам прац быў элемент добраўпарадкавання тэрыторыі. Вырваны хмызняк, скарчаваны маладыя клёны, высахлыя і паламаныя дрэвы.
Другім этапам стала праца па росшуку і ачысцы засыпаных зямлёю і паросшых дзёранам надмагільных пліт. Такіх “схаваных пад зямлю” ад часу помнікаў аказалася боль за тры сотні, што складае каля 70 % ад агульнай колькасці надгробкаў некропаля. За паўтары стагоддзі помнікі паглыбіліся ў зямлю на 20 і больш сантыметраў. Пры падняцці помнікаў максімальна захоўвалася геаграфія яго размяшчэння.
Іншае пытанне аб ссунутых у савецкі час надгробках. Паколькі дакладнае гістарычнае іх месцазнаходжанне ўжо немагчыма аднавіць, яны засталіся пакінутыя ў іх наяўным месцы, як сведчанне часоў рэлігійнага вандалізму ХХ стагоддзя.
Трэцім крокам рэвіталізацыі стала кансервацыя помнікаў. Значная колькасць абеліскаў была павалена, скінута з пастаментаў, некаторыя раскрышыліся. Больш за сотню помнікаў была пастаўлена і замацавана. Пры дапамозе спецыяльнага раствору, абеліскі былі прымацаваны да пастаментаў. Былі ізаляваны швы паміж складнікамі надмагілляў, каб не трапляла вільгаць і не разбурала структуру помніка. Часткова былі рэканструяваныя адсутныя часткі (кавалак пастаменту, сколы на рэбрах абеліскаў і г.д.).
Тым не менш падчас прац на могілках не ўсе дэталі помнікаў магчыма было аднавіць. Большасць металічных крыжоў або зламана, або адсутнічае. Засталіся і цэлыя крыжы і кавалкі металічных культавых вырабаў прыналежнасці якіх да канкрэтнага помніка ўзнавіць не бачыцца магчымым. Каб гэтыя элементы не згубілі свайго гістарычнага кантэксту і не пераўтварыліся ў смецце вырашана з іх зрабіць арт-аб’ект, які ў пэўны час зойме сваё пачэснае месца на могілках.

Улетку 2018 года здзейснена інвентарызацыя і расчытка ўсіх пахаванняў на старой частцы некропаля, распрацаваны праект добраўпарадкавання могілак і ацэнка іх турыстычнай прывабнасці. Працягнуты працы па кансервацыі асобных надмагілляў, склепа.
Каманда валанцёраў з Польшчы і Беларусі ўласнаручна апісалі, зафіксавалі і абмералі 657 пахаванняў. Складзена мапа старой частцы, якая сёння дазваляе кожнаму ахвочаму на свае вочы дакрануцца да натуральнай гісторыі мястэчка Мір, а некаму і адшукаць сваіх продкаў.
Найбольш цікавымі і знакавымі месцамі на некропалі можна назваць :
№ 236 – помнік першаму і апошняму ў ХХ стагоддзі пробашчу касцёла Святога Мікалая, змардаванаму ксяндзу Антонію
Мацкевічу (зм.1942 г.) і яго сястры (што характэрна, ксёндз пахаваны не побач з касцёлам, а на агульных могілках і перапахаваны не быў);
№ 187 – помнік маладой дзяўчыне, якая па мясцовай легендзе была вельмі прыгожай, але раптоўна, так і не паспеўшы адчуць жаночага шчасця пакінула гэты свет… На жаль і пасля смерці не было пакою дзяўчыне… У ХХ стагоддзі склеп быў разрабаваны, надмагілле звалена… Гэты помнік з металічным крыжом на бутавым узгорку з’яўляецца самым вялікім на старой частцы;
№ 399 — месца, дзе паводле сведчанняў мясцовых жыхароў знаходзілася капліца;
№ 423 — помнік Wulf з Крыжаноўскіх (вялікая гранітная стэла на двух пастаментах);
№№ 424, 425, 426 – мемарыяльная кампазіцыя з помнікаў з белага мармуру – удзельнікам паўстання 1863 г., выгнанцам Дамініку Крыжаноўскаму і ксяндзу Андрэю Крыжаноўскаму, раней памерламу дамініку Крыжаноўскаму (1860 год), Херныку Блюму (памёр у 1862 годзе). Кампазіцыя ўтвараецца шляхам спалучэння двух сіметрычных простакутных помнікаў, заявяршэнне якіх аздоблена карнізам, між імі размешчаны помнік з вялікім мармуровым крыжом на пастаменце, які таксама выразна выкананы ў класіцысцкай манеры. Варта адзначыць, што паўстанцы не былі пахаваныя тут. Іх імёны выцесаныя ужо дадаткова на помніку магчыма іх родзіча, каб памяць аб героях жыла ў родным мястэчку;
№ 283 – помнік загінулым дзецям з сям’і Паўловічаў. Дзевяць дзяцей загінулі ў 1882 годзе. Па гістарычных звестках у гэты год у Міры быў вялікі пажар. Але ці праз агонь, ці праз хваробу загінулі дзеці – не вядома. Адзінае, што бацькі ў адзін год згубілі дзевяць сваіх анёлаў;
№ 637 – самае ранняе зафіксаванае пахаванне на старых мірскіх каталіцкіх могілках — „D.O.M. Wiecznosci Tu Spoczyw S.P. Ignacy CAMARA żył lat 46 umarł 1824 r. Prosi o trz zdr Marya”.

Да 1824 года каталікоў у Міры хавалі ля касцёла і на пляцоўцы каля сучаснай пажарнай частцы (некропалі не захаваліся).
Існуе меркаванне, што падчас вайны 1919-1920 тут былі пахаваныя жаўнеры войска польскага і ў якасці месца іх пахавання некаторыя мясцовыя жыхары згадваюць край узгорку, які “глядзіць” у бок замку.
Акрамя таго быў рапрацаваны праект рэвіталізацыі могілак, які паэтапна разлічвае перспектывы і магчымасці развіцця некропаля як сапраўднай цікавай турыстычнай кропцы Міра. Праектам прадугледжваецца захаванне існай структуры, акцэнтуалізацыя цікавых пунктаў, якія ўтвараюць маршрут па некропалі, а таксама перспектыўныя месцы стаянак аўтамабіляў, аўтобусаў і г.д. каб гэта было зручна, цікава, сучасна, але ў першую чаргу адлюстроўвала павагу да культурнай спадчыны і гістарычнай памяці.