Шчучынская школа актыўнага гараджаніна працягваецца!

Шчучынская школа актыўнага гараджаніна не спіць у шапку, а актыўна збіраецца, гуртуючы вакол сябе новых удзельнікаў і экспертаў.
На чарговай сустрэчы якую агулам можна назваць як трэнінг майстарклас па грамадскім актывізме ў сферы аховы спадчыны было ня сумна.
Для пачатку ад архітэктара-рэстаўратара Змітра Савельева ўдзельнікі даведаліся пра тэарэтычныя і прававыя аспекты аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Не толькі паслухалі пра еўрапейскае і айчыннае разуменне што такое спадчына і якія бываюць каштоўнасныя ўзроўні, які жыццёвы цыкла аб’екта спадчыны, але і паразважалі на навакольных прыкладах пра большую важкасць і крытэрыі выбару што рэстаўраваць, што кансерваваць, што больш важна для эстэтыкі і выхавання “гіпатэтычная рэканструкцыя” або аўтэнтыка ў выглядзе трывалай руіны і інш… Дыскусія атрымалася цікавай.
Надалей прагучала падрыхтаваная Паўлам Іваніцкім прэзентацыя семінар аб ролі моладзі ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Хлопцы і дзяўчаты, а таксама іх настаўнікі даведаліся якія грамадскія арганізацыі і ініцыятывы працуюць са спадчынай, якія накірункі працы існуюць, прыклады асветніцкіх, публікацыйных, рэстаўрацыйных валанцёрскіх праектаў і іншае. Галоўнае, што атрымалася давесці, гэта тое, што моладзь у сферы аховы спадчыны можа быць не толькі фізічнай сілай для некваліфікаванай працы, але і выкарыстоўваць на карысць свае прафесійныя здольнасці ў даследчых, праектных, экскурсійных, арганізацыйных і асветніцкіх накірунках.
Ну а на дэсерт сустрэчы ад Таццяны Пятровай пачулі прыклады праектаў па візуальным вяртанні страчанай спадчыны, пазнаёміліся з досведам розных краін у дадзеным накірунку, а таксама вырашылі, што менавіта такі эколага-краязнаўчы праект па рэтрапанарамах будзе актуальны для Шчучына і пад наглядам вопытных настаўнікаў пачалі пісаць свой праект.
Самае галоўнае і каштоўнае, што тыя асноўныя акцэнты, якія былі агучаны на дадзенай і папярэдняй сустрэчах школы актыўнага гараджаніна спалучаюцца з адпаведнымі пунктамі стратэгіі ўстойлівага развіцця Шчучынскага раёна, якая якраз у гэты час і распрацоўваецца.
Спадзяемся, што наступныя сустрэчы ШШАГу будуць не менш плённымі і актыўнымі.